ТЫБЕ́ЦКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Тыбет (кіт. Сіцзан-Цзычжыюй),

нацыянальна-адм. адзінка Кітая ў межах Тыбецкага нагор’я. Пл. 1221 тыс. км². Нас. каля 2,6 млн. чал. (2001), жывуць тыбетцы і кітайцы. Адм. ц. — г. Лхаса. У рэльефе пераважаюць слабаўзгорыстыя або плоскія раўніны і адносна кароткія горныя хрыбты пераважна шыротнага або субшыротнага напрамку (выш. да 6 тыс. м) з шырокімі і плоскімі водападзеламі, з пакатымі схіламі. Праяўленні вулканізму і сейсмізму. Ёсць радовішчы золата, касітэрыту, поліметал. руд, каменнага вугалю, соды і інш. Клімат суровы і сухі. На ўскраінах вытокі Хуанхэ, Янцзы, Меконга, Салуіна, Брахмапутры, Інда. Шмат бяссцёкавых салёных азёр. Пераважаюць ландшафты высакагорных халодных пустынь і паўпустынь. Характэрна нізкарослая зрэджаная травяністая і паўхмызняковая расліннасць. З галін эканомікі пераважае сельская гаспадарка. У далінах і на горных схілах сеюць галазёрны ячмень, авёс, гарох, грэчку. Меншае значэнне маюць пшаніца і рыс (на ПдУ), бульба, рэпа, бручка, цыбуля. Садоўніцтва (яблыня, груша). Адгонная жывёлагадоўля (які, авечкі, козы, коні, аслы, мулы). У земляробчых раёнах гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Невял. здабыча кам. вугалю, солі, золата. Некалькі ГЭС. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, лесапільныя, цагельныя, фармацэўтычныя, тэкстыльныя. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўючны.

Гісторыя. Ядро тыбецкага народа — плямёны цянаў, якія ў 6—5 ст. да н.э. перасяліліся ў Тыбет, дзе змяшаліся з абарыгенамі. У пач. 7 ст. н.э. адзін з князёў — Намры аб’яднаў пад сваёй уладай б.ч. тыбецкіх плямён. Яго сын Сранцзангамба стварыў адзіную Тыбецкую дзяржаву, якая дасягнула найб. росквіту пры Тысангдэцэне (755—791). У 787 дзярж. рэлігіяй стаў будызм. У сярэдзіне 9 ст. Тыбецкая дзяржава распалася на шэраг княстваў, у якіх узмацніўся ўплыў будыйскіх манастыроў і духавенства (лам). У канцы 14 — пач. 15 ст. манах Цзанкаба заснаваў секту Гэлуг-ба (жоўтакапялюшнікаў), з якой вылучылася асобная плынь у будызме — ламаізм. Кіраўнік секты Гэлут-ба з 16 ст. носіць тытул далай-лама. У сярэдзіне 17 ст. 5-ы далай-лама пры дапамозе войск Айрацкага ханства ўсталяваў уладу над усім Тыбетам і стварыў тэакратычную дзяржаву. у якой далай-ламы мелі духоўную і свецкую ўладу. У 1732 дынастыя Цын, якая кіравала ў Кітаі, прымусіла далай-ламу прызнаць вярх. сюзерэнітэт Кітая. У жн. 1904 экспедыцыйны брыт. атрад захапіў сталіцу Тыбета г. Лхаса і кіт. ўрад быў вымушаны прызнаць Тыбет зонай уплыву Вялікабрытаніі. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 Тыбет стаў фактычна незалежным ад цэнтр. кіт. улад. Пасля ўтварэння Кіт. Нар. Рэспублікі (КНР, 1949) вял. сход прадстаўнікоў Тыбета абвясціў 4.11.1949 незалежнасць Тыбета. Але ўрад КНР не пагадзіўся з гэтым і ў 1950 пачаў прасоўванне ўглыб Тыбета. 23.5.1951 прадстаўнікі 14-га далай-ламы (Тэндзін Г’ятсо) падпісалі з уладамі КНР пагадненне пра пераход Тыбета пад юрысдыкцыю КНР пры захаванні яго аўтаноміі. У 1954 Індыя адмовілася ад усіх правоў і прывілеяў у Тыбеце. Палітыка кіт. улад у Тыбеце выклікала ў 1959 паўстанне, якое падаўлена кіт. войскамі. Далай-лама уцёк у Індыю, дзе стварыў урад Тыбета ў выгнанні. У 1965 створаны Тыбецкі аўт. раён.

Літ.:

Богословский В.А. Очерк истории тибетского народа. М., 1962.

т. 16, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)